СУВА́НА ФУ́МА (7.10.1901, г. Луангпрабанг, Лаос — 10.1.1984),
лаоскі дзярж. і паліт. дзеяч. З каралеўскай сям’і Лаоса, прынц; стрыечны брат Суфанувонга. Скончыў Парыжскі (1928) і Грэнобльскі (1930) ун-ты. У 1940-я г. ўдзельнічаў у нац.-вызв. руху Лао Ісара. Прэм’ер-міністр Каралеўства Лаос у 1951—54, 1956—58, 1962—75. У 1953 дамогся ад Францыі прызнання незалежнасці Лаоса. Узначальваў паліт. групоўку нейтралістаў, якія стаялі за прымірэнне правых сіл і Патрыят. фронту Лаоса (ПФЛ) на чале з Суфанувонгам. Па яго ініцыятыве ў 1957 і 1962 ствараліся кааліцыйныя ўрады Лаоса з удзелам усіх паліт. сіл, якія ў хуткім часе распадаліся. Пасля скасавання манархіі і абвяшчэння Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі са снеж. 1975 саветнік прэм’ер-міністра.
т. 15, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)